Клуб
Войти через:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов:

Дакуль дзеці будуць гінуць на рабскай працы?

103
Яўген Мурашка 04.07.2017 в 17:41,

 

          Як збор «прызавога» вядра бульбы скончыўся трагедыяй? Кажуць абвінавачаныя настаўніцы і кіроўца МАЗ 04 ліпень 2017, 15:27 Абвінавачаныя настаўніцы Вольга Завадзкая і Ірына Апанасевіч Абвінавачаныя настаўніцы Вольга Завадзкая і Ірына Апанасевіч Падзяліцца    

Настаўніцу 11-й маладэчанскай школы Ірыну Апанасевіч абвінавацілі ў нядбайнасьці, якая прывяла да сьмерці вучаніцы. Ірына Апанасевіч распавяла, што пасьля працы на полі гаспадаркі «Ўсход-Агра» школьнікам дазволілі сабраць па вядру бульбы для сябе. Гэтую «прызавую» бульбу і зьбірала Віка Папчэня, калі на яе наехаў самазвал.

Але адкуль ён узяўся? Чаму раней небясьпеку не заўважылі ня толькі дзеці, але і дарослыя? Чаму не чакалі горшага ў школе і РАНА? Якія былі акалічнасьці здарэньня, як фармавалася група школьнікаў і як клапаціліся пра бясьпеку ў гаспадарцы, цяпер высьвятляе суд.

 

Гэта была акцыя «Памажы сабраць ураджай»

Апанасевіч сказала, што ў наглядзе за дзецьмі кіравалася сваім досьведам, які атрымала, калі раней выяжджала зьбіраць бульбу:

«Я сачыла, каб дзеці ня лазілі пад аўто, глядзела, каб зашмат бульбы не набіралі ў вёдры, бо тады цяжка будзе падносіць да машыны», — казала настаўніца фізыкі.

Пра тую паездку ў гаспадарку падсудная ведае, што яна была ў межах акцыі «Памажы сабраць ураджай». На полі былі дзеці і зь іншых школ гораду. Іхніх школьнікаў, з 11 сярэдняй школы, было 19 чалавек: «Нам выдзелілі дзьве баразны, зь іх і зьбіралі».

Пра момант перад самай трагедыяй Ірына Апанасевіч згадала:

«Як скончылі зьбіраць і грузіць бульбу, усе пайшлі групай з поля, а дзеці ішлі і зьбіралі бульбу ў вёдры сабе. Групы ад школ былі прыкладна па 20 чалавек, плюс па 2 настаўніцы, дзяцей вакол было шмат. Наша група расьцягнулася прыкладна на 10 мэтраў, Вольга Завадзкая была непадалёк. Мы ішлі, назіралі, як ідуць дзеці, зьбіраюць бульбу. Усе дзеці былі ў мяне на вачах».

Суд Маладэчанскага раёну Суд Маладэчанскага раёну

 

«Гэтыя дзеці ніводнага разу раней ня езьдзілі на бульбу»

Другая абвінавачаная, настаўніца францускай мовы Вольга Завадзкая, пра момант трагедыі згадала:

«Гэтыя дзеці ніводнага разу раней ня езьдзілі на бульбу. Працавалі яны ня хутка, але добра, ім было цікава. Хлопчыкі дапамагалі дзяўчаткам адносіць вёдры з бульбай да самазвалу. У канцы я вырашыла быць з тымі, хто зьбіраў сабе бульбу, і мы павольна пайшлі з поля — як у нейкі момант пачула крык, што машына зьбіла Віку».

Паводле падсуднай Завадзкай, Віка Папчэня з поля ішла разам зь іншымі дзецьмі — «ішлі ланцужком».

Апанасевіч пра Віку Папчэню згадала яшчэ гэтак:

«Яна рухалася на адлегласьці 5–6 мэтраў ад нас, крыху паперадзе. Нішто не паказвала на небясьпеку, як раптам іншая дзяўчынка закрычала, што на Віку наехаў аўтамабіль. Сама я моманту наезду ня бачыла і не магу патлумачыць, чаму ня бачыла. Ня памятаю, куды я ў той мамант глядзела. Калі падбеглі да Вікі, каля яе ўжо быў настаўнік фізкультуры. Але было бачна, што Віку нельга чапаць, у такім яна была стане. Пазваніла па тэлефоне, паведаміла, што здарылася, выклікалі хуткую. Як прыехалі лекары, адразу забралі Віку».

 

Вельмі шумнае месца — між дарог

Апанасевіч сказала суду, што ня чула сыгналу самазвала і ўвогуле ня чула, як гудзеў яго рухавік. Чаму?

«Там было вельмі шумна. Гудзелі аўтамабілі, магчыма, яшчэ і цягнік ехаў побач», — сказала Апанасевіч.

Завадзкая таксама сказала пра вялікі тлум на полі. «Там стаяў гул, з аднаго боку чыгунка, з другога — шаша».

Бацькі Вікторыі Папчэні, Юлія і Алег Бацькі Вікторыі Папчэні, Юлія і Алег

 

Інструктаж па бясьпецы мусіў правесьці завуч

Якія праводзілі інструктажы з настаўнікамі і вучнямі? Апанасевіч сказала, што «на полі адмысловага інструктажу ніхто не праводзіў, а ў школе інструктаж мусіў праводзіць завуч Дзяніс Курэц, які камплектаваў групы». Пры гэтым настаўніца сказала, што размовы зь дзецьмі на полі пра працу і бясьпеку былі:

«Мы казалі дзецям, што бульбу трэба зьбіраць чыста, ня бегаць, быць асьцярожным каля машыны».

 

Чаму ж здарылася трагедыя?

«Бо не дагледзела, не прадбачыла, не сабрала вакол сябе ўсіх дзяцей. Я ня ведала, што гэтак трэба. Усё дзяцінства езьдзіла на бульбу, але там ніхто ніколі дзяцей вакол сябе не зьбіраў, як ішлі з поля», — сказала Апанасевіч пра сваю віну.

Другая абвінавачаная, Завадзкая, пацьвердзіла, што ў школе ніхто інструктаж зь ёй не праводзіў, нейкіх дакумэнтаў на подпіс ёй не давалі:

«Як трэба было шыхтаваць групу на полі, як арганізоўваць выхад групы пасьля працы, мне ў школе не тлумачылі, і я, адпаведна, дзецям гэтага не тлумачыла. Але на полі мне ня трэба было асабліва рабіць заўваг дзецям. Яны паводзілі сябе вельмі дысцыплінавана, працавалі зладжана».

Завадзкая згадала пра тое, як трапіла ў групу для зьбіраньня бульбы, хоць там не было дзяцей зь яе клясу:

«Пісьмовага загаду мне не было, завуч Курэц на словах паведаміў, што паеду і што трэба сабраць 10 чалавек ад нашага клясу. Потым гэта зьмянілі, мае дзеці не паехалі, але мяне пакінулі ехаць з гэтымі навучэнцамі. З інструктажу ад завуча толькі было, каб я глядзела за парадкам, каб дзеці бульбай ня кідаліся. Гэта ўсё».

Паводле Завадзкай, калі яны выйшлі з аўтобуса рабіць на полі, усіх дзяцей пералічылі. То бок кантроль за дзецьмі спачатку быў наладжаны.

Завадзкая дадала, што «праца па зьбіраньні бульбы наўрад ці зьяўляецца часткай адукацыйнага і выхаваўчага працэсу».

Пракурор Вікторыя Палішчук Пракурор Вікторыя Палішчук

 

Адкуль узяўся самазвал?

Частка пытаньняў суду тычылася аўтамабіля, які наехаў на Вікторыю Папчэню.

Падсудная Завадзкая: «Гэты самазвал, які наехаў на Віку, быў ня той, у які мы зьбіралі бульбу. Мы скончылі працу, наша машына зьехала, і мы пайшлі з поля, а дзеці па дарозе зьбіралі бульбу сабе ў вёдры. А гэтая машына, як мы ішлі, стаяла на полі, і мы ня думалі, што яна паедзе. Рухавік не працаваў. Мы прайшлі міма, а як яна паехала, я і ня ўбачыла. Толькі крык пачула, што задавілі Віку».

«Аўтамабіль быў з высокімі бартамі, і таму мы не маглі бачыць, ён загружаны да канца ці не. І, адпаведна, прадбачыць, што ён паедзе, — апраўдвалася і Апанасевіч. — Калі б я гэта ведала, то сабрала б дзяцей вакол сябе і прасачыла б дадаткова».

Паводле настаўніцы, самазвал рухаўся з поля даволі хутка. Спыніўся ён толькі каля дарогі, на ўскрайку поля, калі дзеці пачалі крычаць кіроўцу, што ён наехаў на чалавека.

Паводле падсуднай Завадзкай, ніхто з працаўнікоў гаспадаркі «Ўсход-Агра» на полі не папярэджваў, што па полі ў любы момант будуць езьдзіць аўтамабілі.

«Калі б я ведала, што ён будзе рухацца, я б падбегла бліжэй і папярэдзіла навучэнцаў», — сказала Завадзкая.

 

Віка Папчэня ня мела права працаваць у 13 год. Чаму ўзялі на бульбу?

Адвакатка пыталася пра інструкцыю аб правілах бясьпекі, якая існуе ў школе. З гэтай інструкцыяй павінны знаёміць настаўнікаў перад сельскагаспадарчымі працамі. «Мяне зь ёй не знаёмілі», — адказала падсудная.

Зь яе аповеду вынікае, што ў сьпіс групы для працы на бульбе ад 11 школы напярэдадні ўнесьлі зьмены — дзесяціклясьнікаў замянілі на васьміклясьнікаў. Гэтак вырашыў завуч Дзяніс Курэц. Ці ведала падсудная, што раней за 14 год дзецям нельга працаваць?

«Я ведала, што ў такім узросьце дзяцей нельга прыцягваць да сельгаспрацаў, але дакладнага ўзросту гэтых дзяцей я ня ведала, бо не была іх клясным кіраўніком», — заявіла суду Ірына Апанасевіч. Яна мяркуе, што пры пэўных умовах усё б абышлося. Пры якіх? «Калі б дзецям не дазволілі пасьля працы сабраць сабе па вядру бульбы, мы б з поля сышлі адной групай».

А вось Завадзкая пра тое, што некаторых вучняў 8-га клясу нельга было прыцягваць да працаў, па яе словах, ня ведала. «Сьпіс быў сфармаваны безь мяне, мне загадалі ехаць», — сказала Завадзкая.

Завадзкая дадала пра сваю віну: «Мусіла сабраць вучняў у адну групу і ісьці з поля арганізавана». Быццам адказваючы зададзены ўрок, настаўніца пераказала, якім чынам трэба перасоўвацца з групай дзяцей па горадзе — што настаўнікі павінны быць у галаве і ў хвасьце калёны. Але чаму гэтак не зрабілі ў той дзень, 29 верасьня? Настаўніца пагадзілася, што вінаватая.

 

Чаму Віка Папчэня магла не пачуць дзяцей, якія крычалі пра небясьпеку?

Паводле Юліі Папчэні, ім, бацькам Вікі, напярэдадні са школы ніхто не званіў і не прасіў дазволу, каб іх дачка паехала рабіць на бульбе. Пра тое, што 29 верасьня яна паедзе на бульбу, як пра вырашаны факт паведаміла дачка 28 верасьня. «Але я не была супроць», — сказала суду маці загінулай дзяўчынкі.

Юлія Папчэня сказала, што праблем са здароўем у яе дачкі на той момант не было, хоць увогуле ў яе змалку дыягнаставалі «тугавухасьць» 2-й ступені. Але на момант трагедыі, па словах маці школьніцы, гэта не перашкаджала дачцэ паўнавартасна жыць. «Па горадзе хадзіла сама, езьдзіла паўсюль на ровары, нават езьдзіла да бабулі».

«Мне паведамілі дзеці. Сказалі, што на дачку наехаў грузавік, што яны ёй крычалі, папярэджвалі, але яна не пачула», — сказала маці.

Бацька, Алег Папчэня, таксама сказаў, што перад трагедыяй дачка адчувала сябе добра.

 

Чаму такая «кароткая» лава падсудных? Юлія і Алег Папчэні Юлія і Алег Папчэні

Пасьля перапынку Юлія і Алег Папчэні сказалі журналістам, што зьдзіўленыя тым, як пракуратура паставілася да гэтай справы.

«Чаму няма на лаве падсудных завуча, які фармаваў групу і ўключыў у яе дзяцей, якіх па законе ня мелі права выкарыстоўваць на сельгаспрацах? Няма іншых кіраўнікоў, а ўсю віну ўсклалі на гэтых настаўніц? Ці не таму, што тады яны паляцелі б са сваіх месцаў? Мы дамагаліся, каб пракуратура павялічыла сьпіс абвінавачаных, але да нас не прыслухаліся».

Юлія і Алег Папчэні сказалі, што па выніках працэсу будуць прымаць рашэньне аб падачы грамадзянскіх пазоваў да тых, хто, на іх думку, нясе адказнасьць за сьмерць іхнай дачкі Вікі.

У другой палове паседжаньня 4 ліпеня пачнуцца допыты сьведак. Іх у справе больш за 10 чалавек.

Справу аб прычынах сьмерці школьніцы на бульбе разглядае судзьдзя Павал Жэчка.

  Кіроўца, які наехаў на 13-гадовую Віку Папчэню на бульбе: настаўніцы былі недзе далей

У якасьці сьведкі выступіў у судзе кіроўца Павал Цыбін, які адбывае «хімію» за ДТЗ, у выніку якога загінула Віка Папчэня.

Кіроўца настойвае, што выяжджаў з поля, толькі калі пераканаўся, што за ягоным МАЗам нікога не было, і ехаў зь невялікай хуткасьцю — ня больш за 10 кілямэтраў на гадзіну. Як тады пад колы трапіла дзяўчынка, ён дагэтуль зразумець ня можа:

«Як здаваў назад, увесь час глядзеў у люстэркі задняга агляду, больш у левае, бо з таго боку было шмат людзей, у тым ліку дзяцей», — згадаў Цыбін.

Кіроўца мяркуе, што за дзяўчынкай недагледзелі найперш настаўніцы, і сумняецца ў іхнай шчырасьці, калі яны казалі ў судзе, што Віка нібыта ішла за 5–6 мэтраў ад іх:

«Да дзяўчынкі першым падбег настаўнік, які быў ад яе мэтраў за 30, а ўжо потым — гэтыя настаўніцы. Дык чаму гэтак доўга, калі кажуць, што яна была зусім побач?»

Цыбін таксама згадаў, як сам езьдзіў школьнікам на бульбу:

«Ад нас настаўнікі не адыходзілі, па некалькі разоў нас пералічвалі, казалі пад машыны ня лазіць».

Яшчэ адзін сьведка, Аляксей Раўко, рабіў у гаспадарцы «Ўсход-Агра» брыгадзірам. Непасрэдна ён арганізоўваў працу на полі, дзе загінула Віка Папчэня. Што да іх прыехалі працаваць непаўналетнія, у тым ліку Віка, якой не было і 14 гадоў, сьведка, паводле яго, ня ведаў:

«Тады на загад кіраўніцтва раёну нам на дапамогу былі накіраваныя людзі недзе з 20 арганізацый, у тым ліку каля ста школьнікаў. Сьпіс гэтых арганізацый у мяне забралі сьледчыя».

Раўко сказаў, што ні з кім з тых, хто прыяжджаў да іх працаваць, інструктаж не праводзіўся, бо гэта мусілі рабіць у саміх арганізацыях. Што да школьнікаў, пасьля пытаньняў судзьдзі сьведка ўдакладніў, што зь імі ён мусіў правесьці інструктаж, але не пасьпеў. На невялікім полі, паводле сьведкі, працавала 8–10 грузавых аўтамабіляў, дзясяткі людзей, і за ўсімі ўгледзець было складана.

Працэс у Малаэчне працягнецца 5 ліпеня. На гэты дзень у суд на допыты выкліканыя ў тым ліку чыноўнікі з Маладэчанскага РАНА, якія арганізоўвалі групы школьнікаў зьбіраць бульбу ў межах кампаніі «Дапаможам сабраць ураджай».

Паводле маці загінулай, Юліі Папчэні, ужо пасьля трагедыі зь яе дачкой чыноўнікі РАНА зьбіралі подпісы бацькоў тых школьнікаў, якім ня споўнілася 14 гадоў, што яны згодныя накіраваць сваіх дзяцей на працу ў гаспадаркі раёну.

PS.

Самае жудаснае у гэтай трагічнай гісторыі тое, што бацькі іншых вучняў, ілжэсведчаць, падпісвая паперы аб накіраваньні сваі непоўнагадовых дзяцей (патэнцыянальных ахвяр гэтай прымусовай рабскай працы) на уборку бульбы.

 Няўжо яны не разумеюць, што наступным разам, менавіта іх дзіцё, трапіць пад колы .

На маю думку, месца такіх бацькоў, на лаве падсудных, разам з чынавецтвам.

Няўжо грамадства, у чарговы раз, прамаўчыць?

Я.Мурашка